1. Перакладная літаратура
У старажытную пару ў адрозненне ад новага часу перакладная літаратура была цесна звязана з арыгінальнай, складала разам з ёю арганічнае цэлае, адзіную эстэтычную сістэму. Як правіла, перакладаліся творы, патрэба ў якіх найбольш адчувалася на дадзеным этапе духоўнага развіцця грамадства, якія істотна дапаўнялі арыгінальную літаратуру, але адначасна былі тыпалагічна блізкія да апошняй паводле агульнага ідэйна-мастацкага характару, гэта значыць адпавядалі эстэтычным густам і светапогляду чытачоў.
Апрача таго, у эпоху Сярэднявечча канчаткова не выпрацавалася і не замацавалася яшчэ паняцце аўтарскага і нацыянальнага права ўласнасці на мастацкі твор. Шмат якія творы мелі інтэрнацыянальны характар, бытавалі ананімна, без выразна пазначаных месца і часу ўзнікнення, тэкст іх свабодна перарабляўся ў розных краінах у адпаведнасці з мясцовымі запатрабаваннямі. Таму помнікі перакладной літаратуры старажытнага часу справядліва лічацца неад'емнай часткай кожнай нацыянальнай літаратуры.
Грэка-візантыйская паводле паходжання перакладная літаратура вызначалася значнай жанравай разнастайнасцю. Дамінуючае месца займалі ў ёй творы і кнігі, неабходныя для богаслужэння, а сярод іх асаблівае значэнне мелі кнігі Свяшчэннага Пісання, у якіх займальна і цікава расказвалася пра жыццё і дзейнасць легендарнага прапаведніка, «богачалавека» Ісуса Хрыста і выкладаліся асновы хрысціянскага веравучэння. Гэта – Евангелле, Апостал і Псалтыр, часткі славутай Бібліі, найбольш папулярнага сярэдневяковага зборніка царкоўна-рэлігійнага пісьменства.
перакладны літаратура арыгінальны
1.1 Біблія
Гэта надзвычай багаты паводле складу і зместу помнік сусветнай культуры, збор разнастайных твораў фальклорнага і літаратурнага паходжання (міфаў, паданняў, рэалістычных апавяданняў, свецкіх і духоўных песень, павучальных пропаведзей, юрыдычна-маральных запаведзей, філасофскіх афарызмаў і інш.) старажытных народаў Блізкага Усходу. У яе склад уваходзяць таксама гістарычныя хронікі (кнігі Царстваў) і героіка-патрыятычныя аповесці (Эсфір, Юдзіф), творы, у якіх услаўляюцца глыбокія зямныя пачуцці і перажыванні чалавека (Песня песняў) і выяўляюцца яго тагачасныя рэлігійна-містычныя ўяўленні (кніга Данііла, Апакаліпсіс). Складанасць саставу і супярэчлівасць зместу гэтага помніка абумовілі яго ідэйна-мастацкую і стылявую неаднароднасць.
Асноўная частка Бібліі (кнігі Старога Запавету) стваралася на працягу I тысячагоддзя да н.э. на Блізкім Усходзе і выражае ў цэлым ідэалогію грамадства на раннім этапе яго гістарычнага развіцця. Прызнаная свяшчэннай кнігай, кананічным кодэксам веры, маралі і ўсеагульных ведаў пра чалавека і свет, яна выкарыстоўвалася таксама для апраўдання сацыяльнай няроўнасці і рэлігійнай нецярпімасці, пропаведзі грамадскай пасіўнасці і захавання адсталых уяўленняў. Біблія на працягу стагоддзяў вызначала аснову светапогляду мільёнаў людзей, аказвала вялікі ўплыў на развіццё культуры і мастацтва хрысціянскіх народаў. Як помнік літаратуры і грамадскай думкі яна мае вялікую эстэтычную і пазнавальную каштоўнасць.
Першыя пераклады асобных кніг Бібліі са старажытнагрэчаскай мовы на стараславянскую зрабілі Кірыла і Мяфодзій. Дзякуючы балгарскім перакладам гэты твор стаў адкрытай кнігай і для ўсходніх славян. На Русі найбольш распаўсюджваліся Евангелле, Псалтыр і Апостал. Кнігі Старога Запавету бытавалі пераважна ў розных скарочаных варыянтах, у зборніках урыўкаў, так званых парымійніках і палеях. Біблія значна пашырала кругагляд, духоўна ўзбагачала старажытнарускіх чытачоў, далучала іх да культуры развітых хрысціянскіх народаў, а таксама служыла крыніцай задавальнення рэлігійных пачуццяў і глыбока чалавечых перажыванняў веруючых. Уплыў Бібліі адчувальны ў многіх жанрах старажытнарускай літаратуры. Яе цытавалі, наследавалі яе лапідарны і пранікнёны стыль, шырока выкарыстоўвалі яе тэмы, вобразы, крылатыя выразы. У Свяшчэнным Пісанні нашы продкі часта шукалі адказ на хвалюючыя іх злабадзённыя пытанні і праблемы жыцця.
1.2 Апокрыфы
Асобны від царкоўна-рэлігійнай літаратуры складалі апокрыфы – розныя легендарныя аповесці і апавяданні, у якіх больш ярка, падрабязна і свабодна распрацоўваліся біблейскія сюжэты, вобразы, матывы. Гэтыя творы афіцыйна не прызнаваліся хрысціянскай царквою, нават забараняліся, таму называліся апакрыфічнымі, гэта значыць патаемнымі. Паводле зместу апокрыфы падзяляюцца на старазапаветныя, новазапаветныя і жыційныя. Стварэнне Сусвету, гісторыя першых людзей Адама і Евы, жыццё і дзейнасць Ісуса Хрыста і апосталаў, замагільны свет, барацьба дабра са злом, светлых і цёмных сіл – асноўная іх тэматыка. Будучы лёс чалавецтва і свету, паводле ўяўленняў хрысціянства, раскрываецца ў так званых эсхаталагічных апокрыфах. Апакрыфічныя творы на працягу многіх стагоддзяў прыцягвалі ўвагу сярэдневяковага чытача. Яны задавальнялі яго цікавасць да незвычайнага, легендарнага, жаданне дадаткова нешта ўведаць пра славутых біблейскіх герояў і падзеі свяшчэннай гісторыі, у несумненную сапраўднасць якой ён глыбока верыў. Апрача таго, у некаторых апокрыфах закраналіся вострыя сацыяльныя праблемы, выказваліся вальнадумныя, ерэтычныя ідэі, сцвярджаўся дэмакратычны, народны погляд на жыццё грамадства.
У часы Старажытнай Русі ўсходнім славянам былі вядомы многія апокрыфы. Так, у старажытнарускіх спісах XI–XIII ст. захаваліся «Жыццё прарока Ераміі», «Сказанне прарока Данііла», «Жыццё прарока Іллі», «Сказанне Афрадзітыяна», «Хаджэнне Агапія ў рай», «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» і інш. Ускосныя даныя дазваляюць далучыць да гэтага пераліку «Слова Мяфодзія Патарскага», апакрыфічныя апавяданні пра Саламона, «Хаджэнне апостала Андрэя» і шэраг іншых твораў. Пазней колькасць апокрыфаў, што бытавалі на ўсходнеславянскіх землях, яшчэ больш павялічылася. Як папулярныя творы для займальнага чытання яны дажылі ў асяроддзі веруючых да новага часу. Вялікі ўкраінскі пісьменнік Іван Франко апублікаваў, напрыклад, пяцітомны збор апокрыфаў паводле ўкраінскіх рукапісаў XVII–XIX ст.
1.3 Жыціі
Сярод шматлікіх відаў і жанраў некананічнай царкоўна-рэлігійнай літаратуры бадай найбольшае распаўсюджанне мела агіяграфія (у перакладзе з грэчаскай мовы – жыццяпісы святых). Інакш жыціі. Героі гэтых твораў – падзвіжнікі хрысціянства, якія за розныя заслугі перад царквой і верай былі прызнаны святымі. Іх жыццё павінна было служыць прыкладам для веруючых, таму жыціі ствараліся па пэўнай схеме з выразнымі маральна-дыдактычнымі мэтамі. Набожнасць, сціпласць, пакорлівасць, строгае захаванне хрысціянскага маральнага кодэксу, царкоўна-рэлігійных правіл і абрадаў, жыццё па боскіх запаведзях – вось асноўныя якасці, якімі павінен валодаць кожны веруючы, калі ён хоча заслужыць літасць Бога. Пропаведзь аскетызму, падзвіжніцтва ў імя веры, сцвярджэнне і ўмацаванне хрысціянскіх нормаў маралі, рэлігійнага светаразумення складае аснову ідэйнай накіраванасці жыційнай літаратуры.
Жыціі бытавалі як у сістэме спецыяльных агіяграфічных зборнікаў (мінеі, пралогі, альбо сінаксары, пацерыкі), так і асобна, у зборніках змешанага характару. Захаваліся, напрыклад, Супрасльскі (XI ст.) і Успенскі (XII ст.) рукапісы, старажытнарускія зборнікі жыцій тыпу «Чэцці мінеі» на стараславянскай мове, у якіх творы размешчаны па месяцах года ў адпаведнасці з датамі ўшанавання таго ці іншага святога. На Русі чыталіся таксама Егіпецкі і Сінайскі пацерыкі, перакладзеныя з грэка-візантыйскіх крыніц зборнікі займальных і павучальных навел і анекдотаў з жыцця манахаў. Скарочаныя тэксты жыцій змяшчаліся ў пралогах. У розных зборніках перапісваліся жыціі Аляксея, Антонія Вялікага, Васіля Новага, Фёдара Страцілата, Андрэя Юродзівага, Фёдара Студзіта і шмат якіх іншых святых хрысціянскай царквы.
Важныя ідэйна-мастацкія задачы, якія ставіліся перад аііяграфічным жанрам нарматыўнай хрысціянскай эстэтыкай, вызначалі асноўныя спосабы і прынцыпы адлюстравання рэчаіснасці, паказу чалавека ў жыціях. Змест гэтых твораў мае выразна павучальны, ілюстрацыйны характар, а ў вобразе святога паказваецца не проста станоўчы, а ідэальны хрысціянскі герой, які пазбаўлены індывідуальных рыс жывога чалавека і дзейнічае ў даволі ўмоўных абставінах. Аднак у асобных творах часткова пераадольваўся літаратурны схематызм, створаны даволі яркія малюнкі жыцця эпохі, а перажыванні галоўных герояў перададзены па-мастацку праўдзіва і пераканаўча. У жыціях змяшчаецца таксама нямала каштоўных звестак па гісторыі культуры, грамадска-палітычнай і эстэтычнай думкі свайго часу, таму гэтыя творы і сёння маюць вялікае пазнавальнае значэнне. Як папулярны жанр сярэдневяковай белетрыстыкі жыціі зрабілі вялікі ўплыў на станаўленне і развіццё мастацкай прозы ўсходніх славян даўняй пары, асабліва старажытнарускай арыгінальнай агіяграфіі.
1.4 Патрыстыка
Адно а вядучых месц у сістэме царкоўна-рэлігійнай літаратуры займала патрыстыка – творы айцоў альбо настаўнікаў царквы (ад грэчаскага патэр – бацька), вядомых пісьменнікаў-багасловаў, яркіх прадстаўнікоў раннехрысціянскай павучальнай і аратарскай прозы. Патрыстычная літаратура ўзнікла на пачатку хрысціянства, у II–III ст., але найбольшага росквіту дасягнула пасля канчатковай яго перамогі і афіцыйнага прызнання ў Рымскай імперыі ў IV–V ст. Асноўныя жанры патрыстыкі – павучанне і пропаведзь (слова, казань), якія прадстаўляюць два галоўныя віды гэтай літаратуры – дыдактычнае і ўрачыстае красамоўства. Філасофскае абгрунтаванне рэлігійных догматаў хрысціянскага веравучэння, яго абарона і ўсхваленне (таму патрыстыку часам называлі апалагетыкай), пропаведзь хрысціянскай маралі – асноўны змест твораў айцоў царквы. Класікамі патрыстычнай літаратуры з'яўляюцца Іаан Златавуст, Васіль Вялікі, Рыгор Назіанзін (Багаслоў), Рыгор Ніскі, Іаан Дамаскін, Аўгусцін. Творы ўсіх гэтых пісьменнікаў, апрача апошняга, які стаў заснавальнікам заходнееўрапейскай лаціна-каталіцкай патрыстыкі, былі добра вядомы на Русі ў перакладах на царкоўнаславянскую мову.
Вялікай славай і аўтарытэтам карыстаўся Іаан Златавуст (347–407 гг.), найболып выдатны прадстаўнік урачыстага красамоўства. У сваіх словах, апрача чыста багаслоўскіх пытанняў, ён закранаў таксама важныя праблемы грамадскага жыцця, палка выкрываў заганы багатых, абараняў інтарэсы і правы прыгнечаных, змагаўся за духоўную свабоду чалавечай асобы. Яго творы вылучаюцца эмацыянальнасцю, прастатою і пераканаўчасцю выкладу, высокай дасканаласцю мастацкай формы. Яны аб'ядноўваліся ў асобныя зборнікі («Златавуст», «Златаструй», «Маргарыт» і інш.), якія на Русі дапаўняліся творамі мясцовых аўтараў. На традыцыях Іаана Златавуста выхоўваліся і вучыліся майстэрству цэлыя пакаленні царкоўных аратараў-прапаведнікаў хрысціянскага свету. Яму наследавалі, яго традыцыі выкарыстоўвалі і развівалі такія таленавітыя майстры старажытнарускай аратарскай прозы, як Кірыла Тураўскі і Рыгор Цамблак, а пазней беларускія і ўкраінскія пісьменнікі-палемісты.
1.5 Гістарычная проза
Багаты і разнастайны гістарычна-літаратурны матэрыял змяшчаюць перакладныя грэка-візантыйскія хронікі. Паводле зместу яны былі для свайго часу своеасаблівымі сусветнымі гісторыямі: у іх выкладаецца гісторыя далёкага мінулага народаў Еўропы і Блізкага Усходу, пачынаючы ад «стварэння свету». Найбольш характэрныя асаблівасці гэтых хронік – кампілятыўнасць, спалучэнне гістарычна сапраўднага і дакладнага з легендарным, выдуманым, багаслоўскае тлумачэнне гісторыі, згодна з якім усе падзеі і ўчынкі людзей прадвызначаюцца воляй Бога і грамадзянская гісторыя такім чынам цалкам падпарадкавана свяшчэннай. У XI–XIII ст. на Русі добра ведалі ў перакладах з грэчаскай мовы на царкоўнаславянскую візантыйскія хронікі Іаана Малалы (VI ст.) і Георгія Амартала (IX ст.).
У хроніцы Іаана Малалы апісваецца галоўным чынам гісторыя Старажытнага Егіпта, Грэцыі, Рыма і Візантыі. Яна каштоўная таксама багаццем звестак па антычнай міфалогіі. Дзякуючы гэтай хроніцы старажытнарускі чытач упершыню пазнаёміўся з папулярнымі грэчаскімі міфамі пра Зеўса, Геракла, Арфея, Дзядала і Ікара, Тэзея і Арыядну, з трагічнымі гісторыямі цара Эдзіпа, герояў Траянскай вайны і інш. Паводле літаратурнай формы хроніка нагадвае звод займальных апавяданняў. Яна прываблівае чытачоў багаццем разнастайнага гістарычнага і легендарнага матэрыялу, жывасцю і прастатой выкладу. Гэты твор паслужыў крыніцай для шэрага гістарыяграфічных кампіляцый, хранографаў і летапісных зводаў.
Тыпова сярэдневяковая па характары – хроніка Георгія Амартала, складзеная на аснове папярэдніх візантыйскіх хронік, розных жыцій, твораў патрыстычнай літаратуры, Бібліі і іншых крыніц. Гэта і вызначыла яе напоўненасць легендамі і паданнямі, паведамленнямі пра розныя цуды, незвычайныя выпадкі і здарэнні. Вялікая цікавасць да біблейскай і царкоўнай гісторыі, схільнасць да багаслоўскіх разважанняў і рэлігійнага маралізатарства – характэрныя асаблівасці творчай манеры Амартала. Нягледзячы на клерыкальныя пазіцыі храніста, твор меў важнае значэнне для старажытнарускіх чытачоў як каштоўная крыніца разнастайных, пададзеных у пэўнай сістэме звестак па міфалогіі і гісторыі народаў антычнага свету (асабліва Візантыі, гісторыя якой даведзена да 842 г.). На хроніку Георгія Амартала неаднаразова спасылаўся аўтар найбольш выдатнага летапісу Старажытнай Русі «Аповесці мінулых гадоў».
Вялікай папулярнасцю ў сярэдневяковай Еўропе і на Русі карысталася «Гісторыя Іудзейскай вайны» Іосіфа Флавія, прысвечаная апісанню падзей 60–70-х гг. I ст. – паўстання Іудзеі супраць рымскага панавання і разбурэння рымлянамі Ерусаліма. Аўтар, удзельнік гэтага паўстання, пасля яго паражэння трапіў у палон, перайшоў на бок ворага, пасяліўся ў Рыме, дзе і апісаў гісторыю тых трагічных падзей, каб захаваць пра іх памяць у наступных стагоддзях і хоць часткова апраўдацца перад суайчыннікамі за сваю здраду. Ад візантыйскіх хронік твор Іосіфа Флавія адрозніваецца большай дэталёвасцю апісання, цэласнасцю і закончанасцю. Драматычная барацьба Іудзеі з Рымам выкладзена гістарычна дакладна і па-майстэрску, у лепшых традыцыях антычных гістарыёграфаў. Флавій не бясстрасны рэгістратар фактаў, а гісторык-пісьменнік, які імкнуўся спасцігнуць сэнс падзей, абгрунтаваць і сцвердзіць сваю канцэпцыю іх разумення. Гэта дасягаецца ўмелай пабудовай апавядання, жывасцю выкладу, акцэнтаваннем увагі чытача на найбольш яркіх эпізодах, шырокім выкарыстаннем простай мовы, дыялогаў і маналогаў герояў і іншымі прыёмамі. Таму «Гісторыя Іудзейскай вайны», будучы дакументальна дакладнай і ў цэлым аб'ектыўнай хронікай сапраўдных падзей, чытаецца як захапляючая гістарычная аповесць.
1.6 Перакладная белетрыстыка
Зусім іншыя па характары перакладныя творы пра Траянскую вайну і Аляксандра Македонскага. Яны не заснаваны на дакладных запісах, успамінах сучаснікаў ці непасрэдных удзельнікаў падзей, а ўяўляюць сабою больш познюю літаратурную апрацоўку вусна-паэтычных паданняў пра вайну грэкаў з траянцамі, пра незвычайнае жыццё, прыгоды, ваенныя паходы і гераічныя ўчынкі славутага палкаводца старажытнага свету. «Троя» і «Александрыя» – не гістарычныя хронікі, а займальныя мастацкія творы, хоць яны і ўспрымаліся чытачамі эпохі Сярэднявечча як дакладныя сведчанні пра далёкае мінулае. Гэтыя аповесці бытавалі на Русі ў розных варыянтах і рэдакцыях (больш падрабязна пра «Александрыю» і «Трою» і іх лёс на землях будзе сказана ніжэй, пры разглядзе перакладной літаратуры XV–XVII ст.).
Яшчэ бліжэй да ўласна мастацкай белетрыстыкі стаяць аповесці пра Акіра Прамудрага, пра Варлаама і Іасафа, а таксама раман «Дзяўгеніевы дзеі». Яны непасрэдна не звязаны з сапраўднымі гістарычныні падзеямі. Вельмі розныя гэтыя творы паводле ідэйнай накіраванасці, зместу і характару выкладу матэрыялу.
Так, духоўная «Аповесць пра Варлаама і Іасафа» шмат у чым нагадвае жыціе. У аснове яе сюжэта гісторыя жыцця галоўных герояў – індыйскага царэвіча Іасафа і яго духоўнага настаўніка Варлаама. Нягледзячы на ўсе жыццёвыя перашкоды і зямныя спакусы, язычнік Іасаф пад уплывам хрысціянскага пустэльніка Варлаама прымае новую веру і становіцца яе заўзятым прыхільнікам. Ён адмаўляецца ад царства, якое пакінуў яму бацька, ідзе ў пустыню, пасяляецца ў пячоры Варлаама і жыве там аскетам-падзвіжнікам да самай смерці. Прыклад Іасафа садзейнічаў хрысціянізацыі язычнікаў. Аснову аповесці складаюць народныя індыйскія паданні пра Буду, легендарнага заснавальніка будызму, якія ў эпоху ранняга Сярэднявечча былі выкарыстаны прыхільнікамі хрысціянства і перапрацаваны ў духу царкоўна-рэлігійных ідэалаў дзеля прапаганды новага веравучэння.
Свецкая маральна-псіхалагічная драма выкладаецца ў «Аповесці вра Акіра Прамудрага». Галоўны герой, саветнік цара Сінагрыпа Акір, абгавораны няўдзячным пляменнікам Анаданам, дзякуючы сваёй дасціпнасці, знаходлівасці і высокім маральным якасцям выходзіць пераможцам у барацьбе з нечакаяымі і неспрыяльнымі паваротамі лёсу. У «Дзяўгеніевых дзеях» апавядаецца пра незвычайныя прыгоды і рыцарскія подзвігі сына сарацынскага цара Аміра Дзігеніса-Акрыта, надзеленага ад прыроды надзвычайнай фізічнай сілай і ідэальнымі духоўнымі якасцямі. У старажытнарускім перакладзе гэты эпічны, казачны элемент твора яшчэ больш узмоцнены.
Апрача вышэй згаданых помнікаў зарубежнай літаратуры, на Русі ў XI–XIII ст. бытавалі таксама і іншыя творы і зборнікі. Разнастайныя звесткі па гісторыі, геаграфіі і касмаграфіі, пра жывую і нежывую прыроду чэрпаў старажытнарускі чытач з «Хрысціянскай тапаграфіі», напісанай у VI ст. купцом-падарожнікам з Александрыі Кузьмой Індыкапловам. Да гэтага твора прымыкаюць «Фізіёлаг» і «Шасціднёвік», якія адлюстроўваюць сярэдневяковыя ўяўленні людзей пра акаляючы свет. Энцыклапедычны характар мае «Зборнік 1073 г.», які быў перапісаны з балгарскага арыгінала для кіеўскага князя Святаслава і змяшчае шмат твораў філасофскага, гістарычнага і прыродазнаўчага зместу. Вельмі папулярнай была «Пчала» – зборнік афарызмаў, прымавак, крылатых выказванняў, кароткіх апавяданняў і анекдотаў пераважна на маральна-этычныя тэмы, запазычаных са Свяшчэннага Пісання, з твораў антычных філосафаў і пісьменнікаў. Бытавалі таксама творы, у якіх у сціслай форме выкладаўся змест Бібліі Ветхага Запавету («Талковая палея», «Гістарычная палея»).
2. Арыгінальная літаратура
Даволі высокі ўзровень культурна-гістарычнага развіцця ўсходніх славян, дасягнуты імі ў X–XI ст., а таксама ідэйна-мастацкая сталасць зарубежнай, перакладной літаратуры, якая служыла ўзорам для пераймання, паскорылі станаўленне арыгінальнай старажытнарускай літаратуры і прадвызначылі яе вельмі хуткі ўзлёт. За адносна кароткі час яна дасягнула вялікай ідэйна-ма-стацкай вышыні і жанравай разнастайвасці, стала ўпоравень з развітымі літаратурамі сярэдневяковай Еўропы і дала чалавецтву творы сусветнага значэння. Вядучымі літаратурнымі жанрамі на Русі былі жыціе, аратарская проза (слова, казань, пропаведзь) і гістарычная аповесць – летапіс.
2.1 Жыціі
Зараджэнне арыгінальнай старажытнарускай агіяграфіі стала магчымым дзякуючы ўзнікненню на Русі культу мясцовых святых, што ў сваю чаргу было цесна звязана з важнымі ідэйна-палітычнымі задачамі часу. Кіеўская дзяржава і руская царква настойліва імкнуліся да палітычнай незалежнасці ад Візантыі. Гэтай мэце і служылі заснаванне ў Кіеве ў XI ст. асобнай мітраполіі і кананізацыя першых рускіх святых.
Найбольш значныя помнікі старажытнарускай жыційнай літаратуры – «Сказанне пра Барыса і Глеба» і «Жыццё Феадосія Пячорскага».
Браты Барыс і Глеб, сыны кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча, у 1015 г., пасля смерці свайго бацькі, былі забіты старэйшым братам Святаполкам, які баяўся іх палітычнай канкурэнцыі. Яраслаў Мудры ў цяжкай барацьбе за вярхоўную ўладу перамог Святаполка, авалодаў стольным Кіевам і неўзабаве дамогся афіцыйнай кананізацыі сваіх братоў-нябожчыкаў як першых рускіх святых. Дзесьці ў сярэдзіне XI ст. у Кіеве і было напісана невядомым аўтарам «Сказанне пра Барыса і Глеба». Твор не зусім адпавядае класічнай схеме агіяграфічнага жанру, паводле якой звычайна складаліся тыповыя жыціі хрысціянскіх святых. Гэта не біяграфіі герояў, якія вызначыліся сваімі ўчынкамі перад царквой і пацярпелі за веру. У цэнтры жыція трагічная гісторыя двух князёў, якія загінулі па палітычных матывах. Барыс і Глеб – прыкладныя сыны і браты, паслухмяныя сваім бацькам і старшым у родзе князям, яны свята захоўваюць традыцыі продкаў, феадальны васальны этыкет. Яны пакорліва сустракаюць смерць, не змагаюцца за сваё жыццё. Гэтая пакорлівасць яшчэ не давала падставы разглядаць іх як хрысціянскіх герояў, як святых, таму ў творы подзвігу Барыса і Глеба нададзена царкоўна-рэлігійнае гучанне. Іх паводзіны, іх здзіўляючае «непраціўленне злу насіллем» пададзены як прыемныя Богу найвышэйшыя хрысціянскія дабрачыннасці. Аўтар прымушае сваіх герояў самаахвярна і пакорліва, з малітвай на вуснах, прасякнутай пачуццём выкананага абавязку і глыбокай любві да Усявышняга, з аптымізмам і надзеяй сустракаць смерць. Аповесць завяршаецца ўзнёсла-рытарычнай пахвалой святым, якія называюцца «блажэннымі пакутнікамі Хрыста», абаронцамі Рускай зямлі. Гэтая тэндэнцыйнасць і публіцыстычнасць, пэўны схематызм і ўмоўнасць твора, яго насычанасць мастацкім вымыслам абумоўлены законамі агіяграфічнага жанру, а таксама тым комплексам маральна-палітычных, царкоўна-рэлігійных і літаратурных задач, якія стаялі перад аўтарам жыція. Аднак вялікая драматычная напружанасць і агульны лірычны тон апавядання, яго гістарызм, мастацкая праўдзівасць апісання асобных сцэн, у цэлым занадта зямныя вобразы князёў і іх трагічны лёс не толькі надаюць гэтаму твору значную пазнавальную вартасць, але і робяць яго яркай літаратурнай з'явай свайго часу. Нездарма «Сказанне пра Барыса і Глеба» было ў ліку найбольш чытэльных твораў жыційнай літаратуры на землях усходніх славян у эпоху Сярэднявечча.
У іншым плане складзена «Жыццё Феадосія Пячорскага», вядомага царкоўна-палітычнага дзеяча Старажытнай Русі. Твор напісаны ў канцы XI – пачатку XII ст. Нестарам, манахам Кіева-Пячорскага манастыра, заснавальнікам якога быў Феадосій. Паводле агульнай кампазіцыі гэтае жыціе значна бліжэй да класічных узораў агіяграфічнага жанру, чым «Сказанне пра Барыса і Глеба»: мае традыцыйны ўступ, гісторыю жыцця і падзвіжніцкай дзейнасці галоўнага героя, апавяданне пра цуды і заключэнне. Феадосій – сапраўдны, паводле сярэдневяковых хрысціянскіх уяўленняў, герой свайго часу, святы, які ўвасабляе светла-ўзнёслы, ідэальны пачатак у жыцці. Яму супрацьпастаўляецца ў творы яго маці – сімвал усяго зямнога, матэрыяльна-бытавога. Горача любячы сына, яна ўсімі сіламі і сродкамі перашкаджае Феадосію стаць манахам-аскетам і аддацца служэнню Богу. На гэтым і будуецца канфлікт у пачатку жыція. Асноўная частка твора прысвечана апісанню падзвіжніцкага жыцця Феадосія ў манастыры, яго духоўнага самаўдасканальвання і кар'еры ад простага манаха да ігумена. Тут сумяшчаюцца два планы: з аднаго боку, агіяграфічная ідэалізацыя вобраза святога ўгодніка і яго панегірычна-рытарычнае ўслаўленне, а з другога – праўдзівы паказ рэальна-гістарычнага чалавека з будзённымі, зямнымі клопатамі і справамі, рэалістычнае апісанне суровага манастырскага жыцця. Паступова біяграфічная аповесць пераходзіць у своеасаблівы збор навел, кожная з якіх служыць ілюстрацыяй святасці галоўнага героя, яго найлепшых чалавечых дабрачыннасцей. Характэрная асаблівасць гэтага жыція – спалучэнне жыццяпісу Феадосія з гісторыяй Кіева-Пячорскага манастыра, важнага цэнтра культуры Кіеўскай Русі, дзе былі створаны многія выдатныя помнікі старажытнарускага пісьменства і ўзгадаваны цэлы шэраг вядомых царкоўна-палітычных і культурных дзеячаў усходніх славян.
«Жыццё Феадосія Пячорскага» паслужыла адной з літаратурных крыніц Кіева-Пячорскага пацерыка, што ўяўляе сабой серыю займальных дыдактычных навел з жыцця пячорскіх манахаў. Пачатак зборніку паклала перапіска ўладзіміра-суздальскага епіскапа Сімона з кіеўскім манахам Палікарпам, якія жылі ў канцы XII – першай палове XIII ст. Да іх апавяданняў былі далучаны «Жыццё Феадосія Пячорскага», летапісныя апавяданні пра пячорскіх манахаў і іншыя творы. Асноўнай жа крыніцай Кіева-Пячорскага пацерыка паслужылі вусныя легенды і паданні, якія бытавалі ў сценах славутага манастыра. Зразумела, рэчаіснасць адлюстравана ў пацерыку з пункту погляду царкоўна-рэлігійных ідэалаў, у ім услаўляецца аскетычнае жыццё, а станоўчымі героямі выступаюць манахі, якіх сёння мы ўяўляем нейкімі дзівакамі, людзьмі, адарванымі ад жыцця, крайне адсталымі, прымітыўнымі і кансерватыўнымі. Не трэба, аднак, забываць, што ў эпоху Сярэднявечча манастыры былі важнымі цэнтрамі пісьменства, а найбольш адукаваныя манахі – актыўнымі ўдзельнікамі культурнага прагрэсу. Менавіта як помнік культуры свайго часу, старажытнарускай літаратуры і выклікае гэты зборнік найбольшую цікавасць. Жывасць і разнастайнасць займальнага сюжэтнага апавядання, спалучэнне гістарычна-дакладнага і літаратурнага, рэальнай жыццёвай праўды і фантазіі, будзённа-бытавога і ўзнёслага, незвычайнага, «прывабнасць прастаты і вымыслу» Кіева-Пячорскага пацерыка, пра якую гаварыў А.С. Пушкін, на працягу стагоддзяў прыцягвалі чытачоў.
Апрача жыцій агульнарускага характару, якія ствараліся ў Кіеве, у эпоху феадальнай раздробленасці ў сувязі з ростам грамадска-палітычнай самастойнасці асобных зямель, развіццём у іх культуры і пісьменства, агіяграфічныя творы пачалі ўзнікаць у іншых гарадах Русі: у Полацку, Смаленску, Пскове, Ноўгарадзе. Як і кіеўскія жыціі, яны ўяўляюць сабою своеасаблівыя гістарычныя аповесці, мастацкія нарысы жыцця герояў, выдатных людзей часу, якія вызначыліся сваімі ўчынкамі, сваёй дзейнасцю, сваімі духоўнымі якасцямі і заслужылі добрай памяці і ўшанавання.
У XII ст. у Полацку жыла Ефрасіння-Прадслава, унучка князя Усяслава Чарадзея. Яшчэ зусім юнай яна пакінула свецкае жыццё і пайшла ў манастыр. Падзвіжніцкая дзейнасць Ефрасінні спрыяла развіццю асветы, культуры і мастацтва ў Полацкай зямлі. З яе імем звязана будаўніцтва дзвюх цэркваў у Полацку, заснаванне манастыра, стварэнне выдатнага помніка прыкладнога мастацтва Старажытнай Русі – славутага крыжа Лазара Богшы і іншыя культурныя пачынанні. Пад канец жыцця яна падарожнічала ў «святую зямлю» Палесціну, памерла ў Ерусаліме ў 1173 г. У канцы XII – пачатку XIII ст. было напісана на царкоўнаславянскай мове «Жыццё Ефрасінні Полацкай». Галоўная гераіня паказана як асветніца, што з маладых гадоў выявіла незвычайную любоў да ведаў, да духоўнага самаўдасканалення і бачыла сваё прызванне ў тым, каб служыць умацаванню хрысціянства ў Полацкай зямлі і ўзняць культурна-асветніцкі і маральны ўзровень сваіх суайчыннікаў. Яна сама перапісвала кнігі, клапацілася пра будаўніцтва ў Полацку новых храмаў і манастыроў, маладзейшых вучыла «чистоте душевной». У «Жыцці Ефрасінні Полацкай» у храналагічнай паслядоўнасці выкладзены асноўныя этапы біяграфіі гераіні. Твор вылучаецца спакойным тонам апавядання, павольным разгортваннем падзей. Кульмінацыі дзеянне дасягае тады, калі зусім яшчэ юная Прадслава (свецкае імя) канчаткова вырашае назаўсёды пакінуць свет і самаахвярна падацца ў манастыр. Горка плача цётка, у роспачы бацька. «Жалостно терзаше власы главы своея», ён галосіць: «Горе мне, чадо мое! По что се сотворила еси, печаль души моей принесе? Люте мне, чадо мое сладкое, жалости сердца моего! О горе мне, чадо мое милое!» Аднак мэтаімкнёная і настойлівая Ефрасіння застаецца непахіснай. Паступова, але ўпэўнена яна здзяйсняе ўсе свае планы і задумы. Нягледзячы на адсутнасць знешняй займальнасці, у жыціі адчуваецца ўнутраная напружанасць, высокая духоўная страсць і апантанасць падзвіжніка, які глыбока верыць у сваю высокую місію на зямлі. Твор завяршае панегірычная пахвала гераіні. З аднаго боку, аўтар не меў права не прытрымлівацца асноўных правіл нарматыўнай хрысціянскай эстэтыкі для агіяграфічыага жанру, якія патрабавалі паказу ідэальнага героя, таму Ефрасіння значна прыўзнята, ідзалізавана і пазбаўлена многіх жывых, індывідуальных рыс. З другога – ён не мог зусім адрывацца ад жыцця, цалкам ігнараваць факты біяграфіі гераіні, таму ў творы адносна мала цудоўнага, незвычайнага, а літаратурны схематызм і ўмоўнасць, дыдактычная рыторыка і мастацкі вымысел спалучаюцца з гістарычнай дакладнасцю, жывасцю і жыццёвай праўдзівасцю апавядання. Сэнс жыція ў гарачай пропаведзі асветы, духоўнай дасканаласці чалавека, падзвіжніцтва ў імя ідэі, хрысціянскага гуманізму. «Жыццё Ефрасінні Полацкай» асабліва цікавае і каштоўнае як адзін з першых твораў, напісаных на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Твор мясцовы па змесце і паходжанні, помнік рэгіянальнага пісьменства, якое было своеасаблівым пераходным мостам ад літаратуры агульнарускай да ўласна беларускай. Гэтае жыціе ў жанравых адносінах аб'ядноўвае біяграфічную аповесць, хаджэнне і пахвалу і стаіць ля вытокаў беларускай арыгінальнай гістарычнай прозы старажытнага перыяду.
Вобраз Ефрасінні Полацкай стала «прапісаўся» ва ўсходнеславянскай культуры. Адразу пасля смерці яна была ўзведзена рускай праваслаўнай царквой у ранг святых, а ў 1547 г. афіцыйна кананізавана. 23 мая лічыцца у рускім праваслаўным календары яе днём. У 1870 г. рэшткі святой Ефрасінні былі перавезены з Кіева-Пячэрскай лаўры (туды яны трапілі ў 1178 г.) у Полацк; у 1910 г. усе мошчы беларускай асветніцы вярнуліся на радзіму, у Полацк (Спаса-Ефрасінеўская царква). Дарэчы, дзякуючы гэтым падзеям, да гісторыі выдатнай усходнеславянскай асветніцы далучылася пэўным чынам і Гомельшчына. Як сведчанне вялікай папулярнасці Е. Полацкай ва ўсходніх славян з’яўляюцца дайшоўшыя да нас царкоўныя спевы 16–18 стст. аб ёй. Легендарнае жыццё Ефрасінні Полацкай стала аб’ектам адлюстравання ў творах многіх беларускіх пісьменнікаў (У. Арлоў, В. Іпатава, І. Чыгрынаў і інш.).
У XII–XIII ст. мясцовая літаратура пачала зараджацца і ў суседнім з Полацкам Смаленску. Як і полацкая, яна таксама развівалася ў русле агульнарускіх культурных традыцый і моцна апіралася на кіеўскую літаратурную спадчыну. Дзесьці ў сярэдзіне XIII ст. мясцовы манах Яфрэм напісаў жыціе, прысвечанае смаленскаму прапаведніку Аўрамію, які жыў у другой палове XII – пачатку XIII ст. У цэнтры твора апісанне цяжкіх фізічных і духоўных выпрабаванняў галоўнага героя, яго вельмі нялёгкага, цярністага шляху да ўсеагульнага прызнання. Высокая адукаванасць і папулярнасць Аўрамія выклікалі зайздрасць і лютую нянавісць мясцовага духавенства. Яно ўзвяло на яго паклёп, абвінаваціла ў ерасі і разам з фанатычным раз'юшаным натоўпам учыніла публічны здзек з яго і асмяянне. Толькі дзякуючы незвычайнай вытрымцы, стойкасці, высакароднасці Аўрамій змог атрымаць маральную перамогу. Дынамічнае развіццё дзеяння і драматычнае напружанне сюжэта прыкметна запавольваецца і паслабляецца ў творы лірычнымі адступленнямі і багаслоўскімі разважаннямі аўтара, для якога царкоўна-рэлігійныя і маральна-дыдактычныя мэты былі галоўнымі. «Жыццё Аўрамія Смаленскага» вылучаецца сярод іншых агіяграфічных твораў як сваім зместам і героем, так і тым, што ў аснове яго сюжэта ляжыць новы тып канфлікту: галоўнаму герою супрацьстаяць не паганыя іншапляменнікі – язычнікі, а фанатычны, варожа настроены натоўп адзінаверных хрысціян.
2.2 Аратарская проза
Значнага развіцця дасягнула на Русі аратарская проза. Яна ўзнікла пад уплывам класічных узораў грэка-візантыйскай патрыстыкі, створанай айцамі царквы. Помнікі царкоўнага і свецкага красамоўства паводле характару падзяляюцца на дыдактычныя (павучальныя) і ўрачыстыя. Сярод нешматлікіх твораў арыгінальнай старажытнарускай павучальнай літаратуры найбольш вядомы павучанні Лукі Жыдзяты, Феадосія Пячорскага і Уладзіміра Манамаха, у якіх аўтары, зыходзячы з прынцыпаў хрысціянскай этыкі і народнай маралі, выкладаюць правілы паводзін чалавека.
Відным прадстаўніком урачыстага красамоўства старажытнай Русі быў кіеўскі мітрапаліт Іларыён. Яму належыць славутае «Слова пра закон і дар божы» (1037–1050). Асноўны змест гэтага твора – услаўленне новай веры і магутнасці Кіеўскай дзяржавы; галоўная ідэя – пропаведзь яе палітычнай і царкоўнай незалежнасці ад Візантыі. Цэнтральную частку твора займае пахвала-панегірык князю Уладзіміру як храбраму воіну, мудраму валадару, настаўніку-асветніку, што садзейнічаў умацаванню міжнароднага аўтарытэту Рускай зямлі і ўсталяваў на землях усходніх славян хрысціянства. Узнёсла-рытарычнае паводле стылю, стройнае па кампазіцыі і глыбока патрыятычнае «Слова» Іларыёна – своеасаблівы гімн Русі, што, як кажа аўтар, «ведома и слышима есть всеми концы земли».
Высокаадукаванай асобай у XII ст. быў Клімент Смаляціч, царкоўны дзеяч і пісьменнік-прапаведнік. Сваю кар'еру ён пачаў манахам у Смаленску, у 1147 г. быў узведзены на пасаду кіеўскага мітрапаліта. Як піша старажытнарускі летапісец, Клімент «бысть книжник и философ так, якож в Руской земли не бяшеть, бо зело книжен и учителен и философ великий, и много писання написав». Захаваўся адзін яго твор – «Пасланне Фаме прэсвітэру», які абвінавачваў пісьменніка ў тым, што апошні ў сваіх творах больш апіраўся на філосафаў-язычнікаў Арыстоцеля і Платона, чым на хрысціянскія аўтарытэты. Для творчай манеры Смаляціча характэрны алегарычна-сімвалічны падыход да Свяшчэннага Пісання, іншасказальнае тлумачэнне біблейскіх тэкстаў.
Славай Златавуста карыстаўся на Русі Кірыла Тураўскі (каля 1130–1182 гг.), пісьменнік-прапаведнік і царкоўна-палітычны дзеяч, выдатны майстар аратарскай прозы. Ён нарадзіўся ў Тураве, сталіцы княства, якое знаходзілася тады ў сферы магутнага культурна-палітычнага ўплыву блізкага Кіева. Паходзіў з сям'і багатых мяшчан. У родным горадзе Кірыла атрымаў вельмі высокую на той час адукацыю. Даволі рана пастрыгся ў манахі ў мясцовым манастыры і аддаўся літаратурнай творчасці. Дзякуючы ўсебаковай падрыхтаванасці, глыбокаму веданню хрысціянскай літаратуры, вялікаму таленту пісьменніка і аратара, прыкладным паводзінам ён набыў высокі аўтарытэт у родным горадзе і быў абраны тураўскім епіскапам.
Кірыла Тураўскі быў яркай творчай асобай, арыгінальным і таленавітым мастаком слова, сапраўдным паэтам. Ён праславіўся як выдатны прамоўца, пранікнёны прапаведнік, што горача клапаціўся пра культурнае развіццё і духоўную дасканаласць суайчыннікаў. Абапіраючыся на лепшыя традыцыі антычнай і візантыйскай аратарскай прозы, ён давёў старажытнарускае ўрачыстае красамоўства да ўзорных вяршынь. Захавалася значная творчая спадчына гэтага пісьменніка. Яго пяру бясспрэчна належаць «Аповесць пра беларызца і манаства», «Казанне пра чарнарызскі чын», «Аповесць пра бяспечнага цара і яго мудрага саветніка», 2 каноны, 8 слоў-павучанняў, як напрыклад, «Слова на вербніцу», «Слова на вялікдзень», «Слова на ўшэсце» і каля 30 малітваў.
Найбольш ярка магутны паэтычны талент пісьменніка-мастака выявіўся ў яго словах з нагоды розных царкоўна-рэлігійных свят. Праз традыцыйнасць зместу, звязанага з біблейскай тэматыкай, і рэлігійную абалонку гэтых твораў шырока прарываецца сапраўднае захапленне чалавека радасцю жыцця і пазнання, хараством прыроды, яго неадольнае імкненне да духоўнай дасканаласці, да ідэалу. Словы вылучаюцца незвычайным багаццем вобразаў і паэтычнай мовы, глыбокай эмацыянальнасцю і лірычным драматызмам, вялікай мастацкай сілай. Пісьменнік шырока карыстаўся эпітэтамі і метафарамі, воклічамі і зваротамі, ствараў разгорнутыя параўнанні, тонка адчуваў стылістычнае адзінства і мастацкую цэласнасць твора. Каб зрабіць больш зразумелымі, даступнымі і нагляднымі высокія ідэі і абстрактныя ісціны, але не збіцца на прамы дыдактызм і голую рыторыку, Кірыла Тураўскі найчасцей звяртаўся да алегарычна-сімвалічнага тлумачэння біблейскіх тэкстаў і з'яў прыроды – галоўнага яго мастацка-творчага прыёму. Гэта быў вялікі майстра асацыятыўных вобразаў. Невычэрпнае паэтычнае ўяўленне, вялікая сіла ідэйнай перакананасці і натхнення давалі яму магчымасць не толькі пластычна намаляваць надзвычай яркую карціну свята, але і перадаць той узнёсла-ўрачысты настрой, той радасна-трыумфальны ўздым захаплення, які павінен панаваць усюды ў такі святочны момант, выклікаць у чытачоў і слухачоў адпаведныя суперажыванні. Кампазіцыйна яго словы складаюцца з трох частак: уступу, цэнтральнай часткі і заключэння. Галоўную ідэйна-эстэтычную нагрузку выконвае апавядальная цэнтральная частка, у якой раскрываецца змест таго ці іншага свята. тлумачыцца яго рэлігійны сэнс і выказваецца пахвала. Некаторыя творы Кірылы Тураўскага паэтычна-ўзнёслым светаўспрыманнем аўтара, багатай вобразнасцю, лірычнай танальнасцю, унутранай сіметрыяй і агульным рытмічным ладам нагадваюць вершы ў прозе. Асаблівай прастатой і непасрэднасцю, здзіўляючай сардэчнасцю і глыбінёй пачуццяў вылучаюцца яго малітвы-споведзі, якія належаць да найлепшых узораў старажытнарускай гімнаграфіі. Творы Кірылы Тураўскага на працягу стагоддзяў карысталіся вялікай папулярнасцю на землях усходніх славян і ўвайшлі ў залаты фонд старажытнарускай літаратуры. Як класічныя ўзоры высокамастацкай аратарскай прозы іх змяшчалі ў спецыяльныя зборнікі-анталогіі побач з творамі класікаў грэка-візантыйскай патрыстыкі, іншых хрысціянскіх пісьменнікаў. Нездарма нашы продкі называлі іх аўтара «Златоустом, паче всех воссиявшим на Руси», а сучасныя вучоныя ставяць яго ў адзін рад з геніяльным стваральнікам «Слова пра паход Ігаравы». Больш за сто гадоў таму назад вядомы даследчык і знаўца славянскіх старажытнасцей М. Максімовіч адзначаў, што няма нічога ў XI і XII ст. на заходнееўрапейскіх мовах, што пераўзыходзіла б летапіс Нестара, словы Кірылы Тураўскага і «Слова пра паход Ігаравы». Усё гэта дае нам сёння поўнае права лічыць Кірылу Тураўскага першым вялікім мастаком слова, першым еўрапейскага ўзроўню пісьменнікам, які жыў і тварыў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Кірыла Тураўскі быў кананізаваны рускай праваслаўнай царквой і сягоння ўваходзіць у Сабор беларускіх святых. Дзень яго памяці па праваслаўнаму календару – 28 красавіка. У 1993 г. у Тураве быў адкрыты помнік слыннаму ўсходнеславянскаму святару і пісьменніку. Ёсць яму помнік і ў Гомелі, дзе створана і функцыянуе Таварыства Кірылы Тураўскага, а таксама раз у два гады праводзяцца Тураўскія чытанні.
2.3 Летапісы
Вялікае значэнне ў фарміраванні і развіцці нацыянальна-гістарычнай самасвядомасці старажытных русаў мела летапісанне, якое грунтавалася на гістарычных паданнях, на паэтычным асэнсаванні народам сваёй гераічнай мінуўшчыны і на дакументальных запісах сучаснікаў пра найбольш значныя гістарычныя падзеі. Ужо ў XI ст. гэтыя розныя матэрыялы аб'ядноўваліся ў летапісныя зводы, асобныя літаратурныя помнікі, якія захаваліся ў больш позніх гістарычных кампіляцыях. Узнікненне летапісання было выклікана да жыцця важнымі ідэйна-палітычнымі задачамі культурна-гістарычнага развіцця ўсходніх славян, ростам іх грамадскай і этнічнай самасвядомасці ў перыяд актыўнага гістарычнага самасцвярджэння.
У пачатку XII ст. манахам Кіева-Пячорскага манастыра Нестарам быў складзены выдатны помнік старажытнарускага летапісання «Аповесць мінулых гадоў» («Повесть временных лет»). Гэты твор дайшоў да нашага часу ў шматлікіх рэдакцыях і рукапісных спісах. Сярод іх найболыы старажытныя, блізкія да аўтарскага арыгінала і таму найболып каштоўныя Лаўрэнцьеўскі (1377), Іпацьеўскі (XV ст.) і Радзівілаўскі (XV ст.).Помнік складаецца з дзвюх розных па характары частак: уступнай, напісанай як цэласнае звязнае апавяданне пра далёкае мінулае Русі, і ўласна летапісу, пададзенага ў форме асобных пагадовых датаваных запісаў. Ва ўступнай частцы расказваецца пра паходжанне славян, рассяленне ўсходнеславянскіх плямён, іх норавы і звычаі. Датаваная частка летапісу ахоплівае перыяд з 852 да 1110 г. уключна і прысвечана старажытнарускай гісторыі, выкладзенай у храналагічнай паслядоўнасці. «Аповесць мінулых гадоў» – летапісны звод, гэта значыць гістарычна-літаратурная кампіляцыя, у якой зведзены матэрыялы, узятыя з розных паводле часу, месца паходжання і аўтарскай прыналежнасці твораў. Так, з візантыйскай хронікі Георгія Амартала запазычаны звесткі з гісторыі розных плямён і народаў, з Бібліі – звесткі біблейскай гісторыі, асобныя цытаты і агульная хрысціянска-багаслоўская канцэпцыя сусветнай гісторыі. З мясцовых крыніц у летапісны звод Нестара ўвайшлі папярэднія летапісы, тэксты дагавораў кіеўскіх князёў з Візантыяй X ст., жыціі першых старажытнарускіх святых, гістарычныя запісы аўтара зводу і інш. Асноўны змест «Аповесці мінулых гадоў» – палітычная гісторыя Старажытнай Русі, гісторыя ўтварэння і развіцця Кіеўскай дзяржавы, выкладзеная паводле гістарычна дакладных даных і фальклорнага матэрыялу. У творы злучаны дзве традыцыі: кніжна-літаратурная і вусна-паэтычная. Легендарны характар маюць, напрыклад, летапісныя апавяданні пра заснаванне Кіева, пра першых рускіх князёў і інш. Да народна-паэтычных паданняў узыходзяць створаныя летапісцам каларытныя вобразы кіеўскіх князёў X ст. – вешчага Алега, мудрай Вольгі, ваяўнічага Святаслава. Пераважная большасць звестак XI – пачатку XII ст. – пра гістарычна сапраўдныя падзеі, яны маюць дакументальна дакладны, аб'ектыўны характар, бо заснаваны на ўспамінах сучаснікаў або відавочцаў. Асноўнымі формамі літаратурнага выкладу гісторыі ў летапісе былі кароткі дзелавы запіс, у якім толькі паведамлялася пра падзею, і летапіснае апавяданне, у якім падзея апісвалася больш-менш разгорнута, што залежала як ад паўнаты атрыманай летапісцам інфармацыі, так і ад важнасці падзеі. Нягледзячы на фрагментарнасць летапісу, стракатасць зместу, а месцамі і стылістычную неаднароднасць, адзінства тэмы, агульнасць гістарычнай канцэпцыі і ідэйнай накіраванасці робяць яго цэласным творам. «Аповесць мінулых гадоў» – выдатны помнік старажытнарускай літаратуры, каштоўная крыніца нашых ведаў пра жыццё продкаў рускага, беларускага і ўкраінскага народаў, іх гістарычную мінуўшчыну. У гэтым творы шырока адлюстравана напружаная, гераічная барацьба ўсходніх славян супраць качэўнікаў і Візантыйскай імперыі за сваю незалежнасць, гісторыя станаўлення хрысціянства на Русі, сацыяльная і рэлігійная барацьба ў Кіеўскай дзяржаве і інш. У гэтым зводзе захаваліся таксама унікальныя звесткі па гісторыі розных усходнеславянскіх гарадоў і зямель. У тым ліку Полацка і Полацкай зямлі, пра першых полацкіх князёў Рагвалода і яго дачку Рагнеду, Брачыслава і яго сына Усяслава Чарадзея, апетага ў «Слове пра паход Ігаравы». «Аповесць мінулых гадоў» – твор глыбока патрыятычны, яркі сведка высокаразвітай гіртарычнай самасвядомасці ўсходніх славян XI–XII ст. Летатсец зыходзіў з уяўлення аб агульнасці паходжання ўсіх славян і праводзіў ідэю гістарычнага адзінства і палітычнай незалежнасці ўсходнеславянскіх зямель. Яго глыбока хваляваў гістарычны лёс Рускай зямлі, яе мінуўшчына і сучаснасць, яе будучыня. Ён ганарыўся сваёй радзімай, бачыў мінулае Русі ў часавай перспектыве, усведамляў яе веліч і імкнуўся асэнсаваць яе месца і гістарычную ролю на міжнароднай арэне. Неацэннае значэнне гэтага выдатнага помніка старажытнарускай культуры яшчэ і ў тым, што ён садзейнічаў зараджэнню летапісання ў іншых цэнтрах Русі, паслужыў крыніцай і літаратурным узорам для іншых летапісаў і летапісных зводаў больш позняга часу. Найбольш яркія ў літаратурна-мастацкіх адносінах яго апавяданні – найлепшыя старонкі старажытнарускай гістарычна-дакументальнай прозы.
Працягам «Аповесці мінулых гадоў» быў Кіеўскі летапіс, які складаўся на працягу XII ст. Як помнік пачатку феадальнай раздробленасці ён засведчыў звужэнне гістарычнага кругагляду летапісцаў таго часу, якія сталі выразнікамі мясцовых інтарэсаў і поглядаў, іх увага сканцэнтравана амаль выключна на падзеях, што датычацца Кіева і Кіеўскай зямлі, а сам летапіс месцамі пераходзіць у сямейны дзённік кіеўскага князя. Для беларускага чытача і даследчыка беларускай гісторыі Кіеўскі летапіс цікавы найперш тым, што ў ім захаваўся шэраг арыгінальных і вельмі каштоўных звестак па гісторыі Полацкай зямлі. Некаторыя з іх (запісы пра падзеі 50–60-х гг. XII ст.) асобныя вучоныя лічаць полацкімі і сваім паходжаннем, бачаць у іх фрагменты згубленага Полацкага летапісу. Так, пад 1159 г. у Кіеўскім зводзе змешчана напісанае відавочцам падрабязнае апавяданне пра паўстанне палачан супраць князя Расціслава Глебавіча і вяртанне ў Полацк пасля пяцігадовага выгнання князя Рагвалода Барысавіча.
Апошнім выдатным летапісным помнікам агульнага, старажытнарускага этапу ў гісторыі ўсходніх славян з'яўляецца Галіцка-Валынскі летапіс, які храналагічна працягвае Кіеўскі і ахоплівае перыяд з 1201 да 1292 гг. Гэты летапісны звод дайшоў да нашага часу ў паўднёва-рускім зводзе канца XIII ст. (Іпацьеўскі летапіс) і ў сваю чаргу складаецца з дзвюх асноўных частак – Галіцкага і Валынскага летапісаў. Твор прысвечаны пераважна гісторыі Галіцка-Валынскай Русі, апісанню яе ўнутрыпалітычнага жыцця і міжнародных узаемасувязей, барацьбы з Польшчай і Літвой, з татарамі і ятвягамі і інш. Характэрная асаблівасць Галіцка-Валынскага летапісу – звязаны, прагматычны выклад падзей. Арыгінал першапачаткова быў напісаны без дат у форме суцэльнай гістарычнай аповесці, і толькі пазней тэкст падзялілі на асобныя пагадовыя артыкулы. Найбольш значная і самая цікавая ў літаратурных адносінах першая частка, Галіцкі летапіс. Ён вылучаецца чыста свецкім характарам, высокай культурай і літаратурным майстэрствам гістарычнага апавядання, багаццем вобразна-паэтычнай мовы. Аўтар выказвае павышаную цікавасць да батальных сцэн, да рэалій рыцарскага побыту. Аблюбаваная яго тэма – «бесчисленные рати и великая труды, и частыя войны, и многая крамолы, и частыя восстання, и многие мятежи», на якія так багата было XIII стагоддзе. Галіцкі летапісец – палымяны патрыёт не толькі свайго краю, але і ўсёй Рускай зямлі. З глыбокай скрухай і сардэчным болем расказвае ён пра спусташальнае татара-мангольскае нашэсце на ўсходне-славянскія землі, пра пачатак цяжкага татарскага прыгнёту на Русі. Галоўны герой Галіцкага летапісу – вялікі князь (з 1254 г. – кароль) Даніла Раманавіч Галіцкі (1201–1264), пры якім Галіцка-Валынскае княства дасягнула найбольшай палітычнай магутнасці. Аўтар летапісу як прыхільнік моцнай княжацкай улады бачыў у Даніле ідэальнага князя і паказаў яго як мудрага валадара і тонкага дыпламата, мужнага воіна і выдатнага палкаводца: «бе бо дерз и храбор, от главы и до ногу его не бе в нем порока». Галіцка-Валынскі летапіс захаваў унікальныя звесткі пра надзвычай важны перыяд у палітычнай гісторыі сярэдневяковай Літвы і Беларусі, пра час першапачатковага станаўлення на іх землях новай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, пра жыццё і дзейнасць яго першых князёў Міндоўга, Войшалка і інш. У складзе Іпацьеўскага гэты летапіс быў добра вядомы і на беларускіх землях. Ён паслужыў літаратурным узорам і непасрэднай крыніцай «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і «Хронікі Быхаўца», беларуска-літоўскіх летапісаў XVI ст.
2.4 Хаджэнні
У эпоху Кіеўскай Русі адбывалася станаўленне жанравай сістэмы старажытнарускай літаратуры, яе асноўных літаратурных відаў і форм і бадай ва ўсіх літаратурных жанрах былі напісаны творы, якія сталі ўзорам для ўсходнеславянскіх пісьменнікаў наступных стагоддзяў.
Адносна нешматлікі жанр паломніцкай літаратуры адкрывае «Хаджэнне» ігумена Данііла (пачатак XIIст.). Хаджэнні – гэта апісанні падарожжаў у «святую зямлю», як называлі Палесціну, дзе нарадзіўся, жыў, прапаведаваў, прыняў пакутніцкую смерць і ўваскрэс богачалавек Ісус Хрыстос. Пабачыць святыя месцы было для многіх веруючых найвышэйшай марай жыцця, а сустрэча са святым горадам Ерусалімам выклікала ў іх глыбокае душэўнае ўзрушэнне. Вельмі цікаўны і назіральны Данііл, які прабыў у Палесціне шаснаццаць месяцаў, імкнуўся перадаць чытачам свае багатыя ўражанні ад гэтага незвычайнага падарожжа. Зразумела, што для хрысціянскага манаха-пілігрыма найбольшую цікавасць уяўлялі хрысціянскія святыні, памятныя месцы, рэчы, архітэктурныя і іншыя помнікі, так ці інакш звязаныя з біблейскай гісторыяй і біблейскімі героямі. Апісваючы святыя месцы, Данііл падаў таксама нямала розных звестак па гісторыі культуры і геаграфіі Блізкага Усходу, таму яго «Хаджэнне» і сёння мае значную пазнавальную каштоўнасць.
2.5 «Слова пра паход Ігаравы»
Інтэнсіўнасць і высокі ўзровень развіцця зусім яшчэ маладой у XI–XIIст. літаратуры ўсходніх славян абумовілі з'яўленне літаратурных твораў нетрадыцыйных жанраў, надзвычай арыгінальных і самабытных. Дзесьці ў 1185–1187 гг., верагодней за ўсё ў Кіеве, узнік твор, які стаў найвышэйшым дасягненнем старажытнарускай літаратуры, шэдэўрам сусветнай паэзіі эпохі Сярэднявечча – «Слова пра паход Ігаравы» («Слово о полку Игореве»).
Час, калі жыў невядомы аўтар гэтага помніка, быў вельмі складаным у гісторыі ўсходніх славян. Працэс палітычнага драблення і дэцэнтралізацыі Русі ўсё больш пашыраўся і паглыбляўся. Настойлівая барацьба феадалаў за вузкамясцовыя інтарэсы, бесперапынныя княжацкія сваркі, своекарыслівасць, ігнараванне агульных інтарэсаў сталі звычайнай з'явай і нормай унутрыпалітычнага жыцця таго часу. Раздробленая на шматлікія землі-княствы Кіеўская дзяржава страціла сваю былую магутнасць. Карыстаючыся аслабленнем Русі, у другой палове XII ст. сталі больш смела і часта нападаць на усходнеславянскія землі полаўцы і іншыя варварскія плямёны стэпавых качэўнікаў. Пры адсутнасці ваенна-палітычнага адзінства ўсходніх славян іх барацьба з варварамі была доўгай, знясільваючай і не заўсёды паспяховай. Апавяданне пра адзін няўдалы паход старажытнарускіх князёў на полаўцаў і пакладзена ў аснову «Слова пра паход Ігаравы».
Вясною 1185 г., апавядаецца ў старажытнарускіх летапісах, ноўгарадска-северскі князь Ігар Святаславіч са сваім братам Усеваладам, сабраўшы адносна невялікую дружыну, накіраваўся ў стэп. Ля ракі Каялы, у раёне ніжняга Дона, рускае войска неспадзявана было акружана полаўцамі і, нягледзячы на гераічнае супраціўленне, разбіта, а ўсе князі ўзяты ў палон. Гэтае паражэнне мела цяжкія вынікі: Ігар, сцвярджае кіеўскі летапісец, «отвориша ворота на Русьскую землю» полаўцам.
Такім чынам, «Слова пра паход Ігаравы» прысвечана гістарычна сапраўдным падзеям, у ім дзейнічаюць рэальныя гістарычныя героі. Аднак аўтар адлюстраваў свой час і гістарычную мінуўшчыну роднай зямлі не як летапісец, а як сапраўдны паэт. Яго твор – не храналагічна паслядоўны, дакументальна дакладны выклад падзей, а цэласная серыя яркіх, як бы выхапленых з самога жыцця малюнкаў. Яго апавяданне эмацыянальна афарбавана, ліра-эпічнае паводле характару. Гаворка пра сучаснае дапаўняецца аўтарскімі адступленнямі і разважаннямі пра мінулае Русі, напоўненымі глыбокай трывогай за яе будучыню.
У цэнтры твора – апісанне пахода князя Ігара на полаўцаў. Паэт услаўляе гераізм і рыцарскую доблесць старажытнарускіх воінаў. Апяваючы галоўнага героя як храбрага і мужнага воіна, для якога вышэй за ўсё рыцарскі гонар і слава, аўтар «Слова» адначасова дакарае яго за паспешлівасць і самаўпэўненасць, за тое, што ён выступіў у паход, не параіўшыся з іншымі, больш моцнымі князямі, і без іх вайсковай падтрымкі. Паэтычная аповесць пра паход на полаўцаў удзельнага рускага князя перарастае ў пранікнёнае і ўсхваляванае слова пра Радзіму, пра лёс усёй Рускай зямлі, у якім глыбока выявіўся сапраўдны грамадзянскі патрыятызм аўтара, яго шырокі гістарычны кругагляд, дзяржаўная і народная мудрасць. Прычыны няўдачы паходу Ігара аўтар бачыць у агульных сацыяльна-палітычных абставінах, якія склаліся на ўсходнеславянскіх землях у той час, калі «князи сами на себе крамолу коваху». Ён асуджае аднаго з галоўных пачынальнікаў мясцовага сепаратызму, саюзніка полаўцаў чарнігаўскага князя Алега (другая палова XI ст.), пры якім «сеяшется и растяшеть усобицами, погибашеть жизнь Даждьбожа внука, въ княжих крамолах веци человеком скратишась».
Горача перажываючы за будучыню роднай зямлі, спакутаванай няспыннымі міжусобіцамі і крывавымі, разбуральнымі набегамі знешніх ворагаў, аўтар звяртаецца да ўсіх рускіх князёў з палкім заклікам спыніць звады і сваркі: «Ярославли и вся внуце Всеславли! Уже понизите стязи свои, вонзите свои мечи вережени, уже бо выскочисте из дедней славе. Вы бо своими крамолами начясте наводити поганыя на землю Рускую.!» У гэтым асуджэнні міжусобіц, у гэтым закліку да яднання – асноўная ідэя «Слова пра паход Ігаравы», у якім выявіліся погляды перадавых колаў старажытнарускага грамадства, імкненні ўсяго народа.
Твор вылучаецца незвычайным багаццем і першароднай свежасцю мастацкіх малюнкаў, фарбаў, вобразаў, паэтычнай мовы, здзіўляючай ёмістасцю зместу. У ім жыве ўся Русь, якая фактычна з'яўляецца галоўным героем паэмы. У «Слове» гарманічна злучаны ў адзінае цэлае яе мінулае і сучаснае, прырода і людзі, рэальна-гістарычнае і мастацкае, кніжна-літаратурнае і вусна-паэтычнае, хрысціянскае і язычніцкае. Аўтар стварыў яркія, запамінальныя вобразы старажытнарускіх князёў. Тут і родны брат Ігара «яр тур» Усевалад, які на ратным полі засыпае ворага стрэламі, грыміць «о шеломы мечи харалужными», і ўсемагутны Яраслаў Асмамысл Галіцкі, які «подпер горы угорскыи своими железными плъки, заступив королеви путь, затворив Дунаю ворота, меча бремены чрез облаки», і князь суздальскі Усевалад, які можа «Волгу веслы раскропити, а Дон шеломы выльяти», і іншыя князі. З асаблівай сімпатыяй і павагай пададзены ў паэме вялікі князь кіеўскі Святаслаў, умудроны вопытам і сівізною валадар, які, паводле аўтара, няспынна клапаціўся пра інтарэсы ўсёй Рускай зямлі. Невядомы аўтар XII ст. стварыў таксама надзвычай прывабны, вельмі паэтычны вобраз рускай жанчыны. У славутым плачы Яраслаўны з вялікай мастацкай сілаю, са здзіўляючай цеплынёю і праўдзівасцю перададзены яе глыбокія перажыванні і пачуцці,
Здзіўляе шырокі кругагляд аўтара «Слова пра паход Ігаравы», яго высокая грамадзянска-патрыятычная пазіцыя, якая грунтавалася на агульнанародных і агульнарускіх інтарэсах, яго панарамнае і стэрэаскапічнае бачанне ўсёй Русі, усіх яе зямель і княстваў, яе гісторыі ў масавай і прасторавай перспектыве. У шэрагу найлепшых – старонкі, прысвечаныя Полацкай зямлі, Полацку, яго ваяўнічым князям, якія былі актыўнымі ўдзельнікамі складанага ўнутрыпалітычнага жыцця Старажытнай Русі. Паэт згадвае полацкага князя Ізяслава Васількавіча, які «позвони своими острыми мечи о шеломы литовския, притрепа славу деду своему Всеславу, а сам под грълеными щиты на кроваве траве притрепан литовскыми мечи». Асаблівае месца займае ў паэме вобраз нястомнага і непакорлівага Усяслава, полацкага князя (XI ст.), які ўсё сваё доўгае і бурлівае жыццё аддаў настойлівай барацьбе за ўмацаванне палітычнай магутнасці і незалежнасці Полацкага княства. Ён акружаны ў «Слове» таямнічым арэолам князя-чараўніка і паказаны як смелы, умелы, імклівы і таленавіты палкаводзец, герой незвычайных прыгод. Мудрым і дзейным паказаны Усяслаў Чарадзей на вялікакняжацкім троне ў сталіцы Кіеўскай дзяржавы, на які ён быў узведзены воляю народа. Бы эпічны казачны герой, ён надзелены незвычайнымі, чарадзейнымі здольнасцямі: можа ператварацца ў ваўка, нечакана знікаць і з'яўляцца ў самых розных месцах неабсяжнай Русі. З усіх герояў паэмы ён найбольш складаны і загадкавы. Усяслаў – вешчы, усемагутны і адначасова няшчасны, непрыкаяны князь. Аўтар асуджае сучасных яму полацкіх князёў, але з вялікай сімпатыяй і са спачуваннем ставіцца да Усяслава Полацкага і падае яго вобраз у духу вусна-паэтычных традыцый, як легендарнага, авеянага ўсенароднай славай героя. Вобраз яго ў «Слове» нясе вялікую ідэйна-мастацкую нагрузку, дапамагае глыбей асэнсаваць мінулае і сучаснае Русі, лепш зразумець аўтарскую ідэю.
Мастацкая сістэма паэмы звязана з фальклорам, з народнымі язычніцкімі ўяўленнямі. Яна насычана народнай сімволікай, вобразамі славянскай міфалогіі. Адметная асаблівасць аўтарскага светабачання – анімістычнае ўспрыняцце прыроды. Прырода ў «Слове» адухоўлена, персаніфікавана, яна як бы жыве з людзьмі агульным жыццём, суперажывае і саўдзельнічае ў іх справах, дапамагае, перасцерагае альбо перашкаджае героям. Паэтычныя вобразы «Слова» вылучаюцца багаццем асацыяцый, свежасцю і самабытнасцю. Яны грунтуюцца на тонкіх назіраннях над жыццём прыроды, працоўнай практыкай чалавека, воінскім побытам і сёння здзіўляюць нас сваёй дакладнасцю, трапнасцю і мастацкай смеласцю. Напрыклад, бітву паэт параўноўвае з сяўбою, жнівом, малацьбой і пірам. Усё гэта пераканаўча сведчыць пра глыбока народныя вытокі вобразнай сістэмы гэтай гераічнай песні.
«Слова пра паход Ігаравы» – сапраўды «залатое слова» старажытнарускай паэзіі, найкаштоўнейшы помнік культуры ўсходнеславянскіх народаў. Напоўненае сардэчнай трывогай за лёс роднай зямлі, глыбока патрыятычнае па духу, непаўторнае паводле жанравай формы, выключнае сваім багаццем і першароднай свежасцю вобразаў, пластычнасцю і музычнасцю паэтычнай мовы, яно з'яўляецца творам неўміручага ідэйна-эстэтычнага значэння. Створанае восемсот гадоў таму назад геніяльным майстрам мастацкага слова, яно і сёння жыве, хвалюе і захапляе нас.
Паэма перакладзена на шматлікія мовы народаў свету. Найбольш яна перакладалася на рускую і ўкраінскую мовы. Першым у беларускай літаратуры звярнуўся да «Слова пра паход Ігаравы» Максім Багдановіч, які ў 1910 г. пераклаў урывак пра полацкага князя Ізяслава. Поўныя пераклады паэмы на сучасную беларускую мову ўпершыню зрабілі Янка Купала (празаічны ў 1919 г., вершаваны ў 1921 г.) і Максім Гарэцкі (1922). Іх пераклады – яркая з'ява ў гісторыі перакладчыцкай справы на Беларусі. Яны выкананы ў лепшых скарынаўскіх традыцыях, па-майстэрску перадаюць не толькі змест, але і дух арыгінала. Таленавіты і дакладны пераклад гэтага твора на беларускую мову зрабіў у 1984 г. Рыгор Барадулін.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Анталогія даўняй беларускай літаратуры: XI – першая палова XVIII ст. / Уклад. С.Л. Гаранін, В.А. Чамярыцкі. Мн., 2003.
2. Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд / Пад рэд. М.А. Лазарука і А.А. Семяновіча. Мн., 1985; 4-е выд., 1998.
3. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ–ХІХ стагоддзяў: У 2 т. Т. 1. Даўняя літаратура: ХІ – першая палова ХVІІІ стагоддзя. Мн., 2006.
4. Лойка А.А. Старабеларуская літаратура / Лойка А.А. – Мн., 2001.
5. Старабеларуская літаратура XI–XVIII стст. Хрэстаматыя / Уклад., прадм. Г. Тварановіч. Беласток, 2004.
6. Старажытная беларуская літаратура – Мн., 1990.
|